СТАНКАБУДАЎНІ́ЧАЯ І ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
адна з найважнейшых галін прамысловасці, якая займаецца станкабудаваннем і вытворчасцю інструментаў. Спецыялізуецца на выпуску металарэзных станкоў, дрэварэзальных станкоў, аўтаматычных ліній для машынабудавання і металаапрацоўкі, абсталявання для кавальска-прэсавай вытворчасці, металарэзнага інструменту, дрэварэзальнага інструменту, кавальскага інструменту, аснасткі тэхналагічнай, абсталявання для ліцейнай вытворчасці, гідраапаратуры і інш.
На Беларусі развіваецца з 1920-х г. Найбуйнейшыя з прадпрыемстваў станкабудавання: Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Мінскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Мінскі завод аўтаматычных ліній, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод заточных станкоў, Аршанскі станкабудаўнічы завод, Гомельскі завод станочных вузлоў, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній. Заводы інстр. прам-сці: Мінскі інструментальны завод, Кобрынскі інструментальны завод «Сітама» (у складзе Бел. інстр. ВА), Аршанскі інструментальны завод, Мінскі з-д спецінструменту і тэхнал. аснасткі; міжгаліновых вытв-сцей: Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», Гомельскі завод «Гідрапрывод», Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання. Працуюць таксама Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Баранавіцкі завод станкапрылад, Пінскае дзяржаўнае прадпрыемства «Кавліцмаш» (выпускае ліцейнае і кавальска-прэсавае абсталяванне). Акрамя спецыялізаваных станкабудаваннем займаюцца інш. прадпрыемствы. Інструмент выпускаюць у сваіх інстр. цэхах большасць машына- і прыладабуд. з-даў. Металарэзнае абсталяванне, якое цяпер ствараецца, паводле прадукцыйнасці, дакладнасці, ступені аўтаматызацыі, сервісу і інш. паказчыкаў адпавядае ўзроўню замежных узораў. У апошнія гады створана аснова для пераходу на блочна-модульны прынцып праектавання і вытв-сці станкоў розных тэхнал. груп. Забяспечваецца павышэнне прадукцыйнасці, дакладнасці і гібкасці асн. груп металарэзнага абсталявання, ствараюцца новыя канструкцыі дапаможнага (магн. пліты, маніпулятары, спец. накапляльнікі) і кантрольна-вымяральнага абсталявання. 63 вытворцы розных форм уласнасці выпускаюць больш за 6300 тыпапамераў металарэзнага інструменту і звыш 2600 тыпапамераў абразіўнага (у т. л. на аснове звышцвёрдых матэрыялаў), што складае 58% інструментальнага сектара (29% прыпадае на вытв-сць штампаў і прыстасаванняў, 13% — на вытв-сць сродкаў вымярэння). Асн. кірункам дзейнасці інструментальнай падгаліны з’яўляецца павелічэнне ўзроўню імпартазамяшчэння.
Дз.Ф.Усціновіч.
т. 15, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)